СУНІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА.

сунічнік (Arbutus), род кветкавых раслін сям. верасовых Больш за 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Міжземнамор’і, Крыме і Зах. Закаўказзі. Тыповы элемент флоры маквісу. Культывуюць С.д. чырвонае, або сунічнік драбнаплодны (A. andrachne), і буйнаплодны (A. unedo).

Вечназялёныя кусты і невял. (5—6 м) дрэвы. Лісце буйное, скурыстае, простае, суцэльнае. Кветкі дробныя, белыя або ружаватыя, у верхавінкавых мяцёлках. Плод — ягадападобная шматнасенная касцянка, нагадвае плод суніц (адсюль назва). Плады выкарыстоўваюцца на варэнне і віно, драўніна — на дробныя вырабы, лісце — для дублення скуры. Харч., меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Сунічнае дрэва чырвонае: парастак з пладамі.

т. 15, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)